ЭСЭ НА ТЭМУ: “ПСІХОЛАГ: ПРАФЕСІЯ ЦІ ПРЫЗВАННЕ”
Ужо болей 25 гадоў я працую ў школе. Быць педагогам марыла з дзяцінства. Мая першая спецыяльнасць, і я доўгі час лічыла гэта сваім прызваннем, – настаўнік беларускай мовы і літаратуры. Але лёс адабраў у мяне магчымасць вучыць дзяцей беларускай мове. На гэта ў яго была ўважлівая, але банальная прычына – адсутнасць гадзін.
Калі 15 гадоў назад дырэктар школы прапанаваў мне атрымаць спецыяльнасць педагога-псіхолага, я ўспрыняла гэта як апошні шанец. Згадзілася яшчэ два гады вучыцца, не гледзячы на тое, што ў мяне было двое маленькіх дзяцей. Згадзілася таму, што дзесяць гадоў працы педагогам сацыяльным выпалілі маё жаданне працаваць у школе. У слоўніках Яфрэмавай і Ушакова слова “прызванне” мае наступнае значэнне: “унутраная цяга да якойсьці справы”. А без гэтага як?!
Лёс прывеў мяне ў прафесію, якая змяніла маю педагагічную дзейнасць, змяніла мяне; у прафесію, якая дае мне магчымасць кожны дзень адчуваць, што патрэбна дзецям, кожны дзень непакоіцца і радавацца разам з імі. Я не здрадзіла сваёй мары, свайму прызванню. Я – педагог, педагог-псіхолаг! І што самае цікавае: прайшло трынаццаць гадоў, а мне здаецца, што ўсё толькі пачынаецца. Сапраўды, першага верасня штогод усё толькі пачынаецца. Пачынаецца з першага класа. Гэта пачатак нашай з дзецьмі сумеснай дарогі даўжынёй у школьнае жыццё.
Мне падабаецца прафесійны тэрмін “псіхалагічнае суправаджэнне”. Простымі словамі, псіхолаг ідзе разам з вучнем, стварае ўмовы для яго развіцця, заўсёды гатовы падстрахаваць у цяжкіх сітуацыях.
Уся дзейнасць педагога-псіхолага – гэта суправаджэнне кожнага вучня ад першага школьнага кроку да свядомага разумення выпускніком свайго прафесійнага і жыццёвага выбару. Місія педагога-псіхолага, па-мойму, заключаецца ў тым, каб БЫЦЬ. Быць заўсёды “у зоне доступу” для кожнага вучня. І самае галоўнае, каб кожны вучань быў “у зоне доступу” для мяне. У нашай школе 256 вучняў. Я ведаю кожнага па імені, а палову з іх пазнаю па голасе. Як былы педагог сацыяльны я дакладна ведаю, што ў кожнага ёсць права выбару. І дзеці выбіраюць мяне. Кожны пяты вучань школы наведвае мае аб’яднанні па інтарэсах, прасцей кажучы, псіхалагічныя гурткі. Дзеці ведаюць мяне, ведаюць, што мае дзверы і маё сэрца для іх заўсёды адкрыты. Вось так і забяспечваю выкананне сваёй місіі – БЫЦЬ.
Прынцыпы маёй дзейнасці простыя: вера ў кожнае дзіця, у яго магчымасці, павага да асобы, адказнасць за сваю працу.
Якія я бачу праблемы?
Мне зусім не падабаецца тое, што ўжо доўгі час адбываецца працэс пераносу бацькоўскай адказнасці на педагога. Асабліва яскрава гэта выражаецца ў сітуацыях, калі дзеці знаходзяцца на розных відах уліку. Скажыце, як павінен працаваць педагог-псіхолаг з мамай з мэтай паляпшэння эмацыянальных адносін у сям’і, калі мама хварэе алкагольнай залежнасцю, а дзеці пры гэтым два гады знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Ёсць і горшы выпадак: дзеці сем разоў прызнаваліся маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне і зноў вярнуліся ў так званую біялагічную сям’ю.
Адным з дакументаў, які рэгламентуе дзейнасць педагога-псіхолага, з’яўляецца “Закон об оказании психологической помощи”. Школа з’яўляецца суб’ектам, які аказвае псіхалагічную дапамогу. Але пра педагога-псіхолага ў законе няма і слова. А “Рэкамендацыі…” не абароняць юрыдычна ні правоў, ні прафесійную годнасць педагога-псіхолага ў выпадку такой патрэбы. Праблема?
Каб рашаць гэтыя праблемы я прымала актыўны удзел у падрыхтоўцы праекта па ўнясенні змяненняў у вышэй названы закон.
Я шчаслівы ў прафесіі чалавек. Гэта шчасце мне дораць дзеці сваімі ўсмешкамі, сваёй радасцю, калі яны бягуць насустрач мне з раскінутымі ўшыркі рукамі.
Магу з упэўненнасцю сказаць: “Мая прафесія – маё прызванне”.